ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н,

фітагеаграфія, раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.

Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.В.Дакучаева пра зоны прыроды.

На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.Бесэр, Э.Ліндэман, Р.Пабо, К.Чалоўскі, Р.Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.К.Пачоскага і В.С.Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІ АН Беларусі (Ін-т эксперым. батанікі, Ін-т геал. навук), Цэнтр. бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.У.Вынаеў і інш.).

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Парфенов В.И, Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)